СІНАПТЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ, карты надвор’я,

геаграфічныя карты, на якія лічбамі і ўмоўнымі знакамі наносяць вынікі адначасовых назіранняў за надвор’ем, а таксама даныя сінаптычнага аналізу. Адрозніваюць С.к. прыземныя (складаюцца паводле наземных сінаптычных назіранняў) і вышынныя (паводле аэралагічных назіранняў у атмасферы); складаюцца таксама прагнозныя С.к., якія адлюстроўваюць магчымае поле ціску, т-ры, ападкі і інш. з’явы надвор’я на вызначаны тэрмін. На С.к. праводзяць ізабары, пазначаюць размяшчэнне цыклонаў і антыцыклонаў, атмасферных франтоў, зоны ападкаў, туманаў і інш. З дапамогай С.к. праводзяцца даследаванні атмасферных працэсаў (сінаптычны аналіз) і прагноз надвор’я. Гл. таксама Сінаптычная метэаралогія.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)